Приемная комиссия

CALL- центр "Абитуриент" тел. +375 (152) 73-01-01 (многоканальный)
МТС: +375 (33) 35 44 500
Life: +375 (25) 77 44 500
Email: abit@grsu.by

 

 

 

УТВЕРЖДЕНО

Приказ Министра образования Республики Беларусь

ад 28.10.2016 № 847

 

 

ПРАГРАМА ЎСТУПНЫХ ІСПЫТАЎ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ «БЕЛАРУСКАЯ МОВА»
для асоб, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю,
для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі,
у 2017 годзе

 

 

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

 

Праграма ўступных іспытаў па беларускай мове складзена ў адпаведнасці з дзеючымі вучэбнымі праграмамі (базавы ўзровень).

Мэта праграмы – дапамагчы выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паўтарыць, падагульніць, сістэматызаваць:

  • веды пра сістэму мовы (фанетыка, арфаэпія, арфаграфія, лексіка, марфемная будова слова, марфалогія, сінтаксіс і пунктуацыя);
  • правілы функцыянавання моўных сродкаў у маўленні;
  • нормы беларускай літаратурнай мовы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, пунктуацыйныя, стылістычныя).

Змест праграмы дазваляе выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі не толькі паўтарыць, падагульніць і сістэматызаваць адпаведныя веды пра сістэму мовы і маўленне, але і сфарміраваць грунтоўныя арфаграфічныя, пунктуацыйныя, камунікатыўна-маўленчыя ўменні і навыкі.

 

ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ

 

Пасля заканчэння ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (узровень агульнай сярэдняй адукацыі)
абітурыент павінен в е д а ц ь:

  • прыметы тэксту, спосабы (віды) і сродкі сувязі сказаў і частак тэксту, функцыянальна-стылістычную сістэму сучаснай беларускай мовы, тыпы маўлення і іх кампазіцыйныя схемы;
  • нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, пунктуацыйныя, стылістычныя);
  • фанетычную сістэму і фанетычныя законы беларускай мовы; асаблівасці вымаўлення галосных, зычных гукаў і іх спалучэнняў у беларускай мове;
  • адназначныя і мнагазначныя словы, сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы; прыметы фразеалагізмаў, іх значэнне і сінтаксічную ролю;
  • марфемную будову слова, словаўтваральныя і формаўтваральныя марфемы; віды асноў; спосабы ўтварэння слоў;
  • паняцці марфалогіі і класіфікацыю часцін мовы; граматычныя прыметы розных часцін мовы ў сказе і тэксце;
  • фанетычны і марфалагічны прынцыпы арфаграфіі;
  • сінтаксічныя адзінкі, іх тыпы.

 

Абітурыент павінен у м е ц ь:

  • рабіць сэнсавы і кампазіцыйны аналіз тэксту: вызначаць прыметы тэксту, фармуляваць яго тэму і асноўную думку, даваць загаловак; вызначаць спосаб і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце; вызначаць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага тыпу, стылю і жанру маўлення;
  • адрозніваць гукі і літары, устанаўліваць паміж імі адпаведнасць;
  • размяжоўваць мнагазначныя словы і амонімы; падбіраць да слоў сінонімы, антонімы; адрозніваць паронімы; выяўляць фразеалагізмы ў сказах, тэкстах, тлумачыць іх значэнне, вызначаць сінтаксічную і сэнсава-стылістычную ролю;
  • вызначаць марфемную будову і спосаб утварэння слоў; правільна пісаць словы з арфаграмамі, абумоўленымі марфемнай будовай слова;
  • распазнаваць часціны мовы ў сказах, тэкстах на аснове іх сэнсава-граматычных прымет і сінтаксічнай ролі;
  • адрозніваць арфаграфічныя нормы, заснаваныя на фанетычным і марфалагічным прынцыпах правапісу; знаходзіць і выпраўляць арфаграфічныя памылкі;
  • вызначаць віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэннях, сінтаксічную функцыю слоў (словазлучэнняў) у сказе;
  • выяўляць у сказах сінтаксічныя канструкцыі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку; знаходзіць і выпраўляць пунктуацыйныя памылкі;
  • адэкватна ўспрымаць вуснае і пісьмовае маўленне, ствараць тэксты рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці, афармляць у адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

 

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ

 

Маўленне

Паняцці «мова» і «маўленне».
Культура вуснага і пісьмовага маўлення. Нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Тэкст як адзінка мовы і маўлення. Прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць, тэматычнае адзінства, звязнасць, разгорнутасць, паслядоўнасць, завершанасць. Загаловак. Спосабы (віды) і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце.
Тыпы маўлення, іх кампазіцыйныя схемы.
Функцыянальныя стылі (сфера выкарыстання, задачы выказвання, асноўныя стылявыя рысы, характэрныя моўныя сродкі, асноўныя жанры).

 

Фанетыка i арфаэпія. Графіка i арфаграфія

Фанетыка і арфаэпія. Гукі беларускай мовы. Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення (вымаўленне галосных, зычных і спалучэнняў зычных).
Графіка і арфаграфія. Прынцыпы беларускай арфаграфіі.
Беларускі алфавіт. Назвы літар. Суадноснасць гукаў і літар. Прызначэнне і гукавое значэнне літар е, ё, ю, я, і.
Склад і націск. Роля націску пры адрозненні слоў і некаторых формаў слоў.
Вымаўленне і правапіс (перадача на пісьме) галосных пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных.
Правапіс галосных о, э, а; е, ё, ю, я, і (у тым ліку ў складаных, складанаскарочаных, запазычаных словах і ва ўласных назвах).
Правапіс спалучэнняў іо (іа), іё (ыё), ія (ыя), іе (ые) у запазычаных словах.
Зычныя гукі. Зычныя цвёрдыя, мяккія, зацвярдзелыя, глухія, звонкія, санорныя (няпарныя звонкія), свісцячыя і шыпячыя. Вымаўленне і правапіс зычных.
Вымаўленне і правапіс спалучэнняў зычных.
Правапіс зычных д–дз, т–ц.
Прыстаўныя зычныя і галосныя. Правапіс прыстаўных зычных і галосных.
Падоўжаныя зычныя, іх вымаўленне і правапіс.
Правапіс у–ў.
Ужыванне вялікай літары.
Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме. Правапіс мяккага знака і апострафа.

 

Лексіка. Фразеалогія

Слова, яго лексічнае значэнне.
Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнні слоў.
Амонімы, іх адрозненне ад мнагазначных слоў.
Сінонімы і антонімы, іх роля ў маўленні.
Паронімы.
Агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку. Стылістычны падзел лексікі.
Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні.

 

Марфемная будова слова. Словаўтварэнне i арфаграфія

Марфемы як структурна значымыя часткі слова. Аснова слова. Вытворная і невытворная асновы.
Канчатак, нулявы канчатак.
Корань. Аднакаранёвыя (роднасныя) словы і формы аднаго і таго ж слова.
Чаргаванне галосных і зычных у аснове слова.
Прыстаўка, суфікс, постфікс, злучальная галосная.
Правапіс прыставак. Правапіс ы, і, й пасля прыставак.
Прызначэнне марфем (словаўтваральныя і формаўтваральныя марфемы).
Утваральная аснова. Спосабы ўтварэння слоў.
Складаныя словы, іх утварэнне і правапіс.
Складанаскарочаныя словы, іх утварэнне і правапіс.

 

Марфалогія i арфаграфія

Часціны мовы як лексіка-граматычныя разрады слоў. Самастойныя і службовыя часціны мовы. Пераход слоў адных часцін мовы ў іншыя.
Назоўнік як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Пачатковая форма.
Агульныя і ўласныя назоўнікі. Правапіс уласных назоўнікаў.
Назоўнікі адушаўлёныя і неадушаўлёныя.
Назоўнікі канкрэтныя і абстрактныя, зборныя, рэчыўныя, іх лексічныя і граматычныя прыметы.
Род назоўнікаў. Назоўнікі мужчынскага роду, якія ўжываюцца для абазначэння асоб мужчынскага і жаночага полу. Назоўнікі агульнага роду. Несупадзенне роду некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.
Лік назоўнікаў. Назоўнікі, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку. Несупадзенне ліку некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.
Склон назоўнікаў. Змяненне назоўнікаў па склонах.
Асновы назоўнікаў. Назоўнікі 1-га скланення, правапіс іх склонавых канчаткаў. Назоўнікі 2-га скланення, правапіс іх склонавых канчаткаў. Назоўнікі 3-га скланення, правапіс іх склонавых канчаткаў. Правапіс склонавых канчаткаў назоўнікаў множнага ліку. Скланенне ўласных назоўнікаў. Рознаскланяльныя назоўнікі. Нескланяльныя назоўнікі.
Спосабы ўтварэння назоўнікаў.
Правапіс суфіксаў назоўнікаў.
Складаныя назоўнікі, іх утварэнне і правапіс.
Правапіс не (ня), ні з назоўнікамі.
Прыметнік як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Пачатковая форма.
Якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікі, іх роля ў маўленні. Ступені параўнання якасных прыметнікаў, іх утварэнне і ўжыванне. Поўная і кароткая формы якасных прыметнікаў, іх ужыванне ў маўленні.
Утварэнне і правапіс прыналежных прыметнікаў.
Скланенне якасных, адносных і прыналежных прыметнікаў.
Спосабы ўтварэння прыметнікаў. Прыметнікі з суфіксамі ацэнкі, сфера іх ужывання і правапіс. Правапіс прыметнікаў з суфіксам -ск-. Правапіс -н-, -нн- у прыметніках. Правапіс складаных прыметнікаў. Правапіс не (ня) з прыметнікамі.
Лічэбнік як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.
Падзел лічэбнікаў па структуры (будове), па значэнні і граматычных прыметах.
Род і лік некаторых лічэбнікаў. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.
Займеннік як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Пачатковая форма.
Разрады займеннікаў па значэнні. Скланенне і правапіс займеннікаў.
Утварэнне і ўжыванне займеннікаў.
Дзеяслоў як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў).
Зваротныя дзеясловы.
Трыванне дзеяслова. Утварэнне і ўжыванне дзеясловаў закончанага і незакончанага трыванняў.
Лад дзеяслова. Дзеясловы абвеснага, умоўнага і загаднага ладу, іх значэнне, утварэнне, ужыванне і правапіс.
Часы дзеяслова.
Асабовыя дзеясловы. Спражэнне дзеясловаў. Канчаткі дзеясловаў I і II спражэнняў, іх правапіс. Рознаспрагальныя дзеясловы.
Безасабовыя дзеясловы.
Спосабы ўтварэння дзеясловаў.
Правапіс суфіксаў дзеясловаў.
Правапіс не (ня), ні з дзеясловамі.
Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Дзеепрыметнікавы зварот, знакі прыпынку ў сказах з дзеепрыметнікавымі зваротамі.
Скланенне поўных дзеепрыметнікаў, правапіс іх склонавых канчаткаў.
Поўная і кароткая формы дзеепрыметніка.
Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану, іх утварэнне. Асаблівасці ўжывання дзеепрыметнікаў у беларускай мове.
Правапіс суфіксаў дзеепрыметнікаў.
Правапіс не (ня) з дзеепрыметнікамі.
Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Дзеепрыслоўны зварот, знакі прыпынку ў сказах з дзеепрыслоўнымі зваротамі.
Дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трыванняў, іх утварэнне і правапіс. Ужыванне дзеепрыслоўяў.
Правапіс не з дзеепрыслоўямі.
Прыслоўе як самастойная часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.
Разрады прыслоўяў па значэнні.
Ступені параўнання прыслоўяў, іх утварэнне і ўжыванне.
Утварэнне прыслоўяў. Правапіс прыслоўяў і спалучэнняў слоў, блізкіх да прыслоўяў.
Правапіс не (ня), ні з прыслоўямі.
Прыназоўнік як службовая часціна мовы. Асноўныя значэнні прыназоўнікаў.
Невытворныя і вытворныя прыназоўнікі. Прыназоўнікі простыя, складаныя і састаўныя, іх правапіс.
Некаторыя асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў у беларускай мове.
Злучнік як службовая часціна мовы.
Простыя і састаўныя злучнікі, іх ужыванне.
Адзіночныя, парныя, паўторныя злучнікі, іх ужыванне і правапіс.
Злучальныя і падпарадкавальныя злучнікі, іх ужыванне.
Часціца як службовая часціна мовы. Асноўныя значэнні часціц.
Правапіс часціц.
Часціцы не і ні, іх ужыванне і правапіс.
Выклічнік як асобая часціна мовы. Правапіс выклічнікаў. Знакі прыпынку ў сказах з выклічнікамі.

 

Сінтаксіс i пунктуацыя

Словазлучэнне як сінтаксічная адзінка. Будова словазлучэнняў. Галоўнае і залежнае словы ў словазлучэнні. Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні. Класіфікацыя словазлучэнняў па галоўным слове.
Непадзельныя словазлучэнні.
Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове.
Сказ як асноўная камунікатыўная адзінка.
Тыпы сказаў па структуры, мэце выказвання і інтанацыі. Знакі прыпынку ў канцы сказаў.
Просты сказ. Парадак слоў у сказе. Лагічны націск у сказе. Развітыя і неразвітыя сказы.
Двухсастаўныя сказы. Дзейнік і выказнік як галоўныя члены сказа. Сувязь выказніка і дзейніка, выражанага колькасна-іменным спалучэннем. Дзейнік і спосабы яго выражэння. Выказнік і спосабы яго выражэння. Просты дзеяслоўны выказнік. Састаўны дзеяслоўны і састаўны іменны выказнікі. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.
Даданыя члены сказа: азначэнне, дапаўненне, акалічнасць. Спосабы выражэння даданых членаў сказа. Прыдатак як разнавіднасць азначэння.
Аднасастаўныя сказы, іх віды. Будова аднасастаўных сказаў. Аднасастаўныя сказы з галоўным членам выказнікам. Аднасастаўныя сказы з галоўным членам дзейнікам.
Няпоўныя сказы. Працяжнік у няпоўным сказе.
Сказы з аднароднымі членамі. Віды сувязі аднародных членаў сказа (злучнікавая, бяззлучнікавая). Аднародныя і неаднародныя азначэнні. Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа. Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа. Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа з абагульняльнымі словамі.
Сказы са звароткамі. Спосабы выражэння зваротка. Неразвітыя і развітыя звароткі. Месца зваротка ў сказе. Знакі прыпынку пры зваротку.
Сказы з пабочнымі словамі і спалучэннямі слоў. Класіфікацыя пабочных слоў і спалучэнняў слоў па значэнні. Пабочныя сказы. Знакі прыпынку пры пабочных канструкцыях.
Устаўныя канструкцыі. Знакі прыпынку ў сказах з устаўнымі канструкцыямі.
Сказы з адасобленымі членамі.
Сказы з адасобленымі азначэннямі і прыдаткамі. Знакі прыпынку пры адасобленых азначэннях і прыдатках.
Сказы з адасобленымі дапаўненнямі. Знакі прыпынку пры адасобленых дапаўненнях.
Сказы з адасобленымі акалічнасцямі. Знакі прыпынку пры адасобленых акалічнасцях.
Сказы з адасобленымі ўдакладняльнымі членамі. Знакі прыпынку ў сказах з адасобленымі ўдакладняльнымі членамі.
Сказы з параўнальнымі зваротамі. Спосабы выражэння параўнання. Сінтаксічная роля параўнальных зваротаў. Знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі.
Складаны сказ. Сінтаксічныя прыметы складанага сказа. Сродкі сувязі частак складанага сказа. Тыпы складаных сказаў.
Складаназлучаныя сказы, іх сінтаксічныя прыметы, будова. Сродкі сувязі частак у складаназлучаных сказах. Знакі прыпынку паміж часткамі ў складаназлучаных сказах.
Складаназалежныя сказы, іх сінтаксічныя прыметы, будова. Падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы як сродкі сувязі частак складаназалежнага сказа. Складаназалежныя сказы з даданымі азначальнымі, даданымі дапаўняльнымі і даданымі акалічнаснымі часткамі. Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі. Складаназалежныя сказы з паслядоўным, сузалежным (аднародным/неаднародным) і змешаным падпарадкаваннем частак. Знакі прыпынку паміж часткамі ў складаназалежных сказах.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы, іх сінтаксічныя прыметы, будова. Сэнсава-граматычныя адносіны паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа. Знакі прыпынку паміж часткамі ў бяззлучнікавых складаных сказах.
Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, іх сінтаксічныя прыметы, будова. Знакі прыпынку паміж часткамі ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак.
Простая і ўскосная мова як спосабы перадачы чужой мовы. Знакі прыпынку ў сказах з простай мовай. Ускосная мова. Правілы замены простай мовы на ўскосную.
Дыялог. Знакі прыпынку пры дыялогу.
Цытаты. Правілы афармлення цытат на пісьме.

 

 

Со спецификацией теста по учебному предмету «Беларуская мова» для проведения централизованного тестирования в 2017 году можно ознакомиться здесь.