Приемная комиссия

CALL- центр "Абитуриент" тел. +375 (152) 73-01-01 (многоканальный)
МТС: +375 (33) 35 44 500
Life: +375 (25) 77 44 500
Email: abit@grsu.by

 

 
Программа дополнительного вступительного испытания для получения высшего образования II ступени по специальности
1-21 80 06 «Сравнительно-историческое, типологическое и сопоставительное языкознание»
в 2017 году
 
 
 
 
 
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

 

Дадзеная праграма прызначана для падрыхтоўкі і здачы дадатковага ўступнага экзамену ў магістратуру па спецыяльнасці 1-21 80 06 «Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства». Экзамен прызваны выявіць кампетэнтнасць паступаючых у магістратуру ў базавых пытаннях тэорыі мовы.
Праграма ўступнага экзамену грунтуецца на тыпавой праграме вучэбнай дысцыпліны «Уводзіны ў мовазнаўства» (складальнікі Б. Ю. Норман, Л. А. Казлоўская. – Мінск, 2014) і адукацыйных стандартах першай ступені вышэйшай адукацыі.
Курс «Уводзіны ў мовазнаўства» прызначаны даць студэнту навуковае ўяўленне пра асноўныя з’явы, якія характарызуюць сістэму мовы і механізм яе функцыянавання, навучыць правільна выкарыстоўваць асноўную лінгвістычную тэрміналогію, выпрацаваць уменне ўжываць апрабаваныя метады лінгвістычнага аналізу, даць агульныя звесткі пра класіфікацыю моў у сувязі з гісторыяй і культурай народаў, а таксама паказаць студэнту асаблівасці выкарыстання мовы ў розных сферах дзейнасці чалавека, азнаёміць яго з узаемадзеяннем моў і заканамернасцямі іх развіцця.

 

Роля і месца вучэбнай дысцыпліны ў сістэме падрыхтоўкі спецыяліста
Асноўнай задачай курса «Уводзіны ў мовазнаўства» з’яўляюцца стварэнне агульнатэарэтычнай метадалагічнай базы, патрэбнай для фарміравання шырокага філалагічнага кругагляду і прафесійных лінгвістычных ведаў студэнтаў. Навучальная дысцыпліна з’яўляецца асновай вывучэння прыватнага мовазнаўства – фанетыкі, граматыкі, лексікалогіі, стылістыкі, гісторыі беларускай, рускай, іншых славянскіх, заходнееўрапейскіх, класічных моў.

 

Сувязь з іншымі дысцыплінамі вучэбнага плана
Курс «Уводзіны ў мовазнаўства» ўзаемазвязаны з навучальнай дысцыплінай «Агульнае мовазнаўства»: разам з ім ён складае адзіны комплекс навучальных дысцыплін па агульнай тэорыі мовы.

 

Патрабаванні да кампетэнтнасці (згодна з адукацыйным стандартам спецыяльнасці)

У выніку падрыхтоўкі да ўступнага экзамену паступаючыя ў магістратуру павінны ведаць:

  • асноўныя структурныя ўласцівасці і параметры, уласцівыя кожнай мове;
  • законы пабудовы і ўзаемадзеяння адзінак кожнага ўзроўню моўнай сістэмы;
  • асноўныя ўласцівасці моўнага знака;
  • асноўныя ўласцівасці мовы як найважнейшага сродку камунікавання, структуру камунікацыйнага акта;
  • генеалагічную класіфікацыю моў, месца моў, якімі ён валодае, у класіфікацыі, іх адносіны з іншымі мовамі;
  • асноўныя прынцыпы тыпалогіі моў;

умець:

  • выкарыстоўваць тэарэтычныя палажэнні да моў, якімі ён валодае;
  • раскрываць сутнасць моўных з’яў з дэманстрацыяй на канкрэтных прыкладах з розных моў;
  • вольна карыстацца вывучаным тэрміналагічным апаратам;
  • рашаць практычныя задачы, звязаныя з выкарыстаннем роднай і замежнай моў;

валодаць:

  • навыкамі выкарыстання метадаў агульналінгвістычнага аналізу;
  • метадамі рашэння лінгвістычных задач;
  • асноўнымі прыёмамі творчага аналізу моўнага матэрыялу і лінгвістычнай літаратуры.

 

 

ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

 

1. Прадмет, структура і задачы мовазнаўства
Прадмет і задачы навукі пра мову. Сучасная структура ведаў пра мову. Месца мовазнаўства ў сістэме навук. Спецыфіка мовазнаўства як гуманітарнай грамадска-гістарычнай навукі. «Унутраная» і «вонкавая» лінгвістыка. Мова і маўленне як сутнасць і з’ява. Паняцце тэксту ў яго вуснай і пісьмовай форме. Маўленчая дзейнасць, яе формы і метады яе даследавання. Разнастайнасць моў свету. Спецыфічнасць кожнай мовы і моўныя ўніверсаліі. Мовазнаўства агульнае і прыватнае, тэарэтычнае і прыкладное. Сувязь навуковага і практычнага аспектаў мовазнаўства. Лінгвістычныя аспекты перакладу з мовы на мову.

 

2. Мова і грамадства: функцыі мовы
Асноўныя грамадскія функцыі мовы. Камунікацыйная функцыя: мова – найважнейшы сродак чалавечых зносін. Кагнітыўная функцыя (функцыя мыслення): сувязь мовы і мыслення. Пазнавальная (акумуляцыйная) функцыя: роля мовы ў фарміраванні ўнутранага свету чалавека. Намінацыйная (назыўная) функцыя: чалавек арыентуецца ў свеце пры дапамозе мовы. Экспрэсійная (эмацыйная) функцыя: выражэнне пачуццяў з дапамогай моўных сродкаў. Фатычная функцыя (функцыя ўстанаўлення кантакту): наладжванне і рэгуляванне сувязяў у мікракалектывах. Паэтычная (эстэтычная) функцыя: роля мовы ў стварэнні мастацкага тэксту і інш.

 

3. Мова і мысленне
Мова як непасрэдная рэчаіснасць думкі. Адносіны мовы да аб’ектыўнай рэчаіснасці і да мыслення. Інфармацыя ў мове. Моўная карціна свету. Лексічныя «лакуны» і «фантомы» ў мовах. Тэорыя лінгвістычнай адноснасці (гіпотэза Сэпіра – Уорфа) і яе крытычная ацэнка. Сучаснае ўяўленне пра ролю мовы ў адлюстраванні і пазнанні свету. Суадносіны вербальнага (моўнага) мыслення з вобразным, прадметным, тэхнічным мысленнем і г. д.

 

4. Мова як сістэма знакаў
Мова як знакавая сістэма асобага роду. Паняцце знака. Асноўныя ўласцівасці моўнага знака: Двухбаковасць, умоўнасць, канвенцыянальнасць, універсальнасць і інш. Сістэмны характар мовы. Парадыгматычныя, сінтагматычныя і іерархічныя адносіны паміж знакамі. Паняцце моўнага ўзроўню. Натуральная мова ў параўнанні з іншымі знакавымі сістэмамі. Мовы жывёл. Узаемадзеянне вербальнай мовы з іншымі спосабамі перадачы інфармацыі (жэстамі, мімікай і да т. п.).

 

5. Гістарычнае развіццё мовы
Праблема эвалюцыі мовы. Сінхранічны і дыяхранічны падыход да мовы. Паходжанне мовы і фактары, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе (пераход да прамахаджэння, развіццё рукі, павелічэнне і развіццё галаўнога мозгу і да т. п.). Тэорыі паходжання мовы ў гісторыі мовазнаўства. Дадзеныя палеаантрапалогіі і іншых сумежных навук. Асноўныя гістарычныя заканамернасці развіцця моў. Унутраныя і знешнія прычыны моўных змен. Развіццё розных бакоў (узроўняў) мовы: слоўнікавага складу, граматычнага ладу, фанетычнай сістэмы і г. д. Пытанне аб прагрэсе ў мове.

 

6. Параўнальна-гістарычны метад у мовазнаўстве і праблема роднасці моў
Параўнальна-гістарычны метад як першы навуковы метад мовазнаўства. Перадумовы яго ўзнікнення ў пачатку XIX ст. Даследаванні Ф. Бопа, Р. Раска, Я. Грыма, А. Х. Вастокава. Параўнанне – падабенства – роднасць моў. Паняцце прамовы і архетыпа. Рэканструкцыя моў. В. фон Гумбальт як заснавальнік агульнага мовазнаўства. Генеалагічная класіфікацыя моў. Асноўныя моўныя сем’і на карце свету. Склад індаеўрапейскай сям’і. Славянская галіна (група) сярод іншых груп індаеўрапейскай моўнай сям’і. Працэсы дывергенцыі і канвергенцыі ў моўнай эвалюцыі.

 

7. Фанетыка
Прадмет фанетыкі, яе практычны і тэарэтычны аспекты. Асноўныя паняцці акустыкі маўлення. Тоны і шумы. Сіла, вышыня, працягласць і тэмбр гуку. Асноўны тон і абертоны. Фарманта. Метады вывучэння акустыкі маўлення. Фанетычнае чляненне маўлення. Гук, склад, такт, фраза. Тыпы складоў і асаблівасці структуры склада ў розных мовах. Паняцце прасодыі. Націск і інтанацыя. Будова маўленчага апарату і функцыі асобных яго частак. Артыкуляцыя і яе фазы. Артыкуляцыйная класіфікацыя гукаў. Галосныя і зычныя. Сананты. Класіфікацыя галосных паводле становішча языка (гарызантальнага і вертыкальнага), паводле работы вуснаў і паднябеннай занавескі. Класіфікацыя зычных паводле характару перашкоды, дзейнага органа, ўдзелу голасу. Дадатковая артыкуляцыя (назалізацыя, палаталізацыя, лабіялізацыя і да т. п.).

 

8. Фаналогія
Прадмет фаналогіі: функцыянальны аспект фанетыкі. Паняцце фанемы. Роля рускай навукі ў развіцці фаналогіі (І. А. Бадуэн дэ Куртэнэ, Л. У. Шчэрба, М. С. Трубяцкі). Фаналагічная апазіцыя і сэнсаадрознівальная функцыя фанемы. Тры тыпы дыстрыбуцыі гукаў: кантрасная, дапаўняльная дыстрыбуцыя і свабоднае чаргаванне. Паняцце інварыянта і варыянты фанемы (алафоны). Дыферэнцыяльныя прыкметы фанемы. Фанема як пучок дыферэнцыяльных прыкмет. Паняцце моцнай пазіцыі і асноўнага варыянта фанемы. Рэалізацыя фанемы ў патоку маўлення. Пазіцыйныя і камбінаторныя адценні фанемы. Рэдукцыя і яе віды. Акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя, метатэза, дыэрэза, эпентэза, гаплалогія. Гістарычныя (традыцыйныя) чаргаванні фанем. Нейтралізацыя фанемных супрацьпастаўленняў. Паняцце гіперфанемы. Фанетычная і фанематычная транскрыпцыя.

 

9. Лексікалогія
Прадмет лексікалогіі і яе асноўныя раздзелы: семасіялогія, лексікаграфія, этымалогія і інш. Слова як асноўная адзінка мовы, яго функцыі і ўласцівасці. Дзяленне слоў на знамянальныя (паўназначныя) і службовыя. Значэнне слова, яго кампаненты і аспекты. Суадносіны слова і прадмета, слова і паняцця. Імёны ўласныя і агульныя. Тэрміналагічная і нетэрміналагічная лексіка. Значнасць слова як абумоўленасць яго значэння іншымі словамі. Узнікненне слова. Паняцце намінацыі. Унутраная форма (матывіроўка) слова. Страта ўнутранай формы (дээтымалагізацыя), ілжывая (народная) этымалогія. Прынцыпы навуковай этымалогіі і гістарычнай семасіялогіі. Шляхі развіцця значэння слова. Сістэмны характар лексікі. Адносіны паміж словамі ў слоўніку і ў маўленні. Лексіка-семантычныя групоўкі слоў. Сінонімы, іх роля ў мове. Антонімы. Шматзначнасць (полісемія) слова. Прамое і пераноснае значэнні. Асноўныя тыпы пераносу значэння: метафара і метанімія, сінекдаха. Аманімія і яе тыпы. Шляхі ўзнікнення амонімаў. Іншыя тыпы сістэмных адносін у лексіцы: словаўтваральныя, стылістычныя, частотныя і інш.; адлюстраванне гэтых адносін у слоўніках. Тыпы слоўнікаў. Слова ў маўленні. Значэнне слова і кантэкст. Спосабы ўзбагачэння слоўнікавага складу мовы. Паняцце неалагізма. Запазычанне слоў і іх засваенне. Калькі. Архаізмы і гістарызмы. Фразеалогія. Паняцце ўстойлівых спалучэнняў слоў і іх адрозненні ад свабодных словазлучэнняў. Прынцыпы класіфікацыі фразеалагічных адзінак. Паняцце ідыяматычнасці. Нацыянальная спецыфіка фразеалогіі.

 

10. Марфеміка і словаўтварэнне
Паняцце марфемы. Асноўныя ўласцівасці марфемы: двухбаковасць, мінімальнасць, паўтаральнасць, варыябельнасць. Тыпы марфем. Марфемы каранёвыя і граматычныя (афіксы). Класіфікацыя афіксаў паводле ролі і месца ў слове. Марфема і аламорф: фармальнае і зместавае вар’іраванне марфемы. Шматзначнасць (полісемія) марфем. Аманімія марфем. Нулявыя марфемы. Паняцце парадыгмы. Асноўныя паняцці словаўтварэння. Асновы вытворныя і невытворныя, вытворныя і ўтваральныя. Словаўтваральныя мадэлі. Актыўнасць і прадуктыўнасць словаўтваральнай мадэлі. Гістарычныя змены ў марфемнай структуры слова (спрашчэнне, перараскладанне і інш.). Паняцце фарманта (фарматыва).

 

11. Граматыка
Прадмет граматыкі. Граматычнае значэнне ў яго дачыненні да лексічнага. Сістэмны характар граматычных значэнняў. Роля граматычнага ладу ў мове. Граматыка навуковая і практычная. Граматычная катэгорыя. Спецыфічнасць граматычных катэгорый у мовах свету. Паняцце грамемы. Спосабы выражэння граматычных значэнняў (граматычныя спосабы): афіксацыя, унутраная флексія, паўторы (рэдуплікацыя), складанне, націск, інтанацыя, парадак слоў, службовыя словы, суплетывізм. Камбінацыі розных граматычных спосабаў. Тыпалагічная класіфікацыя моў. Супрацьпастаўленне моў сінтэтычнага і аналітычнага ладу. Элементы сінтэтызму і аналітызму ў славянскіх мовах. Фузія і аглютынацыя як дзве разнавіднасці афіксацыі. Паняцце аб ізаляваных (каранёвых) і полісінтэтычных (інкарпаравальных) мовах. Часціны мовы. Прынцыпы класіфікацыі слоў па часцінах мовы. Пераходы слоў з адной часціны мовы ў іншую. Развіццё сістэмы часцін мовы ў розных мовах.

 

12. Сінтаксіс
Сінтаксіс – вучэнне аб сказе і яго складовых частках. Паняцце сказа. Уласцівасці сказа. Выказванне як элементарная камунікацыйная адзінка (рэалізацыя сказа). Паняцце аб сінтаксічнай мадэлі сказа (структурнай схеме). Роля выказніка ў сінтаксічнай структуры і паняцце прэдыкацыйнасці. Пытанне аб галоўных і даданых членах сказа. Актуальнае чляненне выказвання, паняцце дадзенага і новага (тэмы і рэмы). Прынцыпы класіфікацыі сказаў. Складаныя сказы. Складаназлучаныя і складаназалежныя сказы, паратаксіс і гіпатаксіс. Словазлучэнне і яго тыпы (сінтагмы прэдыкацыйныя, атрыбуцыйныя, аб’ектыўныя і рэляцыйныя). Праблема гістарычнага фарміравання структуры сказа. Намінацыйны і эргатыўны лад моў.

 

13. Функцыянаванне мовы
Асаблівасці функцыянавання моў у розныя гістарычныя эпохі. Тэрытарыяльная дыферэнцыяцыя ў мове: узнікненне дыялектаў. Утварэнне сацыяльных дыялектаў. Прафесійныя мовы і жаргоны. Іншыя праявы сацыяльнай дыферэнцыяцыі мовы: полаўзроставыя адрозненні, функцыянальныя стылі і г. д. Фарміраванне нацыянальных моў. Вылучэнне моў міжнацыянальных зносін. Перспектывы моўнага развіцця сучаснага чалавецтва. Літаратурная мова і мова мастацкай літаратуры. Суадносіны літаратурнай мовы і дыялектаў у розныя гістарычныя эпохі. Асаблівасці станаўлення літаратурнай мовы ў розных краінах і роля канкрэтнай асобы ў гэтым працэсе. Літаратурная мова і праблема нормы. Народныя гаворкі і прыёмы іх вывучэння. Лінгвістычная геаграфія, паняцце ізаглосы. Праблемы ўзаемадзеяння моў. Паняцце інтэрферэнцыі.

 

14. Пісьмо і арфаграфія
Пісьмо – другая (разам з гукавой) форма існавання мовы. Значэнне пісьма ў гісторыі грамадства. Перадгісторыя начартальнага пісьма: прадметнае пісьмо, кіпу, вампум і інш. Асноўныя этапы і формы развіцця начартальнаг пісьма. Піктаграфія. Ідэаграфія. Старажытнаегіпецкая іерагліфіка. Шумерскае клінапіснае пісьмо. Кітайскае іерагліфічнае пісьмо. Складовае пісьмо ў старажытным і сучасным свеце. Кансанантнае пісьмо фінікійцаў. Пачатак літарна-гукавога (графемна-фанемнага) пісьма ў старажытных грэкаў. Стварэнне лацінскага алфавіта (VII ст. да н. э.). Узнікненне славянскага пісьменства (IX ст.); умовы, якія гэтаму паспрыялі. Асноўныя этапы развіцця рускага пісьма. Арфаграфія і яе прынцыпы: фанематычны (марфалагічны), фанетычны, гісторыка-традыцыйны, сімвалічны. Транскрыпцыя і транслітарацыя як спосабы штучнай перадачы гукавога маўлення. Перспектывы ўдасканалення арфаграфіі.

 

 

РЭКАМЕНДАВАНАЯ ЛІТАРАТУРА

 

Асноўная літаратура:

  1. Головин, Б. Н. Введение в языкознание / Б. Н. Головин. – 4-е изд. – М., 1983.
  2. Кодухов, В. И. Введение в языкознание / В. И. Кодухов. – 2-е изд. – М., 1987.
  3. Маслов, Ю. С. Введение в языкознание/ Ю. С. Маслов. – 3-е изд. – М., 1997.
  4. Норман, Б. Ю. Теория языка. Вводный курс / Б. Ю. Норман. – 2-е изд. – М., 2009.
  5. Рагаўцоў, В. І. Уводзіны у мовазнаўства / B. I. Рагаўцоў, А. Л. Юрэвіч. – Мінск, 1987.
  6. Реформатский, А. А. Введение в языковедение / А. А. Реформатский. – 5-е изд. – М., 1999.
  7. Введение в языкознание : хрестоматия / сост. Б. Ю. Норман, Н. А. Павленко. – 2-е изд. – Минск, 1984.
  8. Норман, Б. Ю. Сборник задач по введению в языкознание / Б. Ю. Норман. – Минск, 1989.
  9. Норман, Б. Ю. Лингвистические задачи / Б. Ю. Норман. – 3-е изд. – М., 2009.

 

Дадатковая літаратура:

  1. Ахманова, О. С. Словарь лингвистических терминов / О. С. Ахманова. – М., 1969.
  2. Байрамова, Л. К. Введение в контрастивную лингвистику / Л. К. Байрамова. – Казань, 2004.
  3. Блумфилд, Л. Язык / Л. Блумфилд. – М., 1968.
  4. Бюлер, К. Теория языка / К. Бюлер. – М., 1993.
  5. Варпахович, Л. В. Лингвистика в таблицах и схемах / Л. В. Варпахович. – Минск, 2000.
  6. Гумбольдт, В. фон. Избранные труды по языкознанию / В. фон Гумбольдт. – М., 1984.
  7. Гируцкий, А. А. Введение в языкознание / А. А. Гируцкий. – Минск, 2001.
  8. Кронгауз, М. А. Семантика. Задачи, задания, тексты / М. А. Кронгауз. – М., 2006.
  9. Кузьмина, Н. А. Современный русский язык. Лексикология. Теория, тренинг, контроль / Н. А. Кузьмина. – 2-е изд. – М., 2011.
  10. Лайонз, Дж. Введение в теоретическую лингвистику / Дж. Лайонз. – М., 1978.
  11. Лингвистический энциклопедический словарь / гл. ред. В. Н. Ярцева. – М., 1990.
  12. Мечковская, Н. Б. Социальная лингвистика / Н. Б. Мечковская. – Минск, 2000.
  13. Норман, Б. Ю. Лингвистика каждого дня / Б. Ю. Норман. – М., 2004.
  14. Откупщиков, Ю. В. К истокам слова: рассказы о науке этимологии / Ю. В. Откупщиков. – М., 1973.
  15. Сепир, Э. Избранные труды по языкознанию и культурологи / Э. Сепир. – М., 1993.
  16. Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. – Мн., 1980.
  17. Супрун, А. Е. Лекции по теории речевой деятельности / А. Е. Супрун. – Мн., 1996.
  18. Фридрих, И. История письма / И. Фридрих. – М., 1979.
  19. Чейф, У. Л. Значение и структура языка / У. Л. Чейф. – М., 1975.
  20. Шайкевич, А. Я. Введение в лингвистику / А. Я. Шайкевич. – М.: Academia, 2005.
  21. Якобсон, Р. Избранные работы / Р. Якобсон. – М., 1985.
  22. Якушкин, Б. В. Гипотезы о происхождении языка / Б. В. Якушкин. – М., 1984.
  23. Язык. Знание. Коммуникация. Культура. Ч. 1. – Минск, 2003.

 

 

 

С критериями оценки уровня подготовки абитуриентов на вступительном испытании по специальности «Сравнительно-историческое, типологическое и сопоставительное языкознание» можно ознакомиться здесь.